Беларускі Калегіюм: прастора, якая дае больш чым адукацыю

Беларускі Калегіюм: прастора, якая дае больш чым адукацыю 0 1583

Бясплатную адукацыю без размеркавання, якую ў нечым можна параўнаць з вышэйшай, прапануе ў Менску Беларускі калегіюм. Ён існуе ўжо 17 год, і для ўсіх, хто пройдзе сумоўе, адкрытыя аддзяленні журналістыкі, гісторыі, філасофіі і літаратуры.

Кіраўніца Беларускага калегіюму Ірына Дубянецкая: “Тут выкладаюць майстры сваёй справы”

Беларускі Калегіюм з’яўляецца прасторай, дзе можна атрымаць адукацыю, але ён не вычэрпваеца адукацыяй. Паводле Ірыны Дубянецкай, акадэмічнага дырэктара БК, Калегіюм перш-наперш стварае прастору для станаўлення, мацавання і самаўзнаўлення беларускай інтэлектуальнай, акадэмічнай, творчай супольнасці – цэльнай сістэмы стасункаў, кантактаў, супольных ідэй і праектаў.

Адна з функцый Калегіюму – дапамагчы жадаючым знайсці сваё месца. Ірына: “Тут выкладаюць майстры сваёй справы, тыя, хто не проста ведае, але тыя, хто яшчэ і робіць. Пасля Калегіюму чалавек уяўляе, што ў гэтай сферы ў Беларусі адбываецца, і можа вызначыцца, дзе ў гэтай сферы шукаць сваё месца.“

Калегіюм рыхтуе тых, хто будзе жыць на Беларусі і працаваць для Беларусі, і, на погляд Ірыны, ён неабходны, бо дае такую адукацыю, якую не даюць ВНУ.

Наста: “Нам давалі мільён гатовых шаблонаў і фішак – бяры і рабі”

Настасся, маркетолаг па адукацыі, сумяшчае асноўную працу з пасадай намесніка рэдактара. Яна скончыла аддзяленне журналістыкі некалькі год таму.

“Там ніхто не чытае лекцыі з паперкі, групы малыя, а падыход вельмі індывідуальны, нават сяброўскі. Вельмі класна было вучыцца ў сапраўдных мэтраў, працу якіх даўно ведала завочна – Юрася Карманава, Максіма Жбанкова, Марыны Загорскай, Таццяны Заміроўскай.

Нам давалі мільён гатовых шаблонаў і фішак – бяры і рабі. Далі тэарэтычную базу, да якой я, у той час ужо метадам спроб і памылак дайшла сама. А там далі ўсё гатовенькае!”

Заняткі наведвалі нават журналісты па 35-40 год, якія даўно ў прафесіі, але не вучыліся на журналістаў і захацелі падцягнуць “матчастку”.

Калі вы – той, хто раптоўна вырашыў, што журналістыка – гэта яго; хто жадае атрымаць набор прыкладных ведаў, без якіх якасныя матэрыялы не атрымліваюцца; і нават – а можа, і асабліва тым, хто скончыў журфак і ведае, колькі палос было ў газеце “Знамя рэвалюцыі”, але не ведае, як правільна пісаць рэцэнзію на музычны альбом – вам у Калегіюм”.

Маргарыта Аляшкевіч: “Людзі, якія тут выкладаюць, часта з іншай адукацыйнай сістэмы, ці ўвогуле па-за сістэмай”

Літаратурны крытык Маргарыта Аляшкевіч прыйшла калісці ў БелКалегіюм, каб паслухаць жыўцом філосафа Валянціна Акудовіча, начытаўшыся і нацытаваўшыся яго твораў.

Людзі, якія тут выкладаюць, часта з іншай адукацыйнай сістэмы, ці ўвогуле па-за сістэмай. Выкладанне найчасцей ідзе па-беларуску. Крыху дзіўным падалося, што людзі "адпачкоўваліся" ад БК, як толькі з'яўляліся хатнія заданні. - ці то народ не ведаў, што ў БК таксама трэба вучыцца, ці то проста пераацанілі свае сілы і г.д.

Для мяне вельмі (і нечакана) карысным апынуўся курс лекцый спн. Ірыны Дубянецкай (герменеўтыка біблейскіх тэкстаў), з задавальненнем іх наведвала б і зараз. Надзвычай цікава было працаваць над часопісам “Паміж” - гэткае праектнае навучанне, калі сам сябе прымушаеш да працы і працуеш з камандай”, - Маргарыта мае на ўвазе выніковы літаратурны альманах, які робяць на аддзяленні штогод.

Найноўшая гісторыя: тым, у каго ёсць цікавасць да беларушчыны

“Няма ніякай цэнзуршчаны, якая была, калі я вучыўся ў ВНУ, - кажа студэнт аддзялення найноўшай гісторыі Павал Хаванскі, які скончыў тэхнічны універсітэт. На думку Павала, сюды прыходзіць шмат неардынарных людзей, каб падыскутаваць, высказаць сваю думку, навесці кантакты, як з боку выкладчыкаў так і з боку слухачоў.

З яскравых момантаў навучання згадваецца прыезд Захара Шыбекі з Ізраілю, а таксама выкладчыцы з Малдовы, якая расказвала пра гісторыю і палітычную сітуацыю ў сваёй дзяржаве:

“Шмат падобнага ёсць у Беларусі і сучаснай і Малдовы. Але здзівіў поўны пафігізм маладых малдаван у адносінах гісторыі і стан сваёй дзяржавы. У Беларусі такога няма, што радуе.”
Навучацца на гэтым аддзяленні, на думку Павала, варта, калі ў цябе ёсць цікавасць да беларушчыны, калі ты хочаш і можаш атрымоўваць веды. Узроставага і прафесійнага цэнзу тут няма.

Пра аддзяленні са словаў кіраўніцы БК Ірыны Дубянецкай

Філязофія/літаратура: навучальны і творчы аспекты

Тут два аспекты: адзін навучальны, другі творчы. Навучальны -  у чым асабіста Ірына бярэ ўдзел - гэта выкладанне вялікіх канцэптаў і дасягненняў чалавечага мыслення, напрацаваных за сотні і нават тысячы гадоў, тэкстаў, “якія сфармавалі нашую цывілізацыю і ёсць нашымі духоўнымі і інтэлектуальнымі каранямі”.

Другі аспект – гэта спрыянне індывідуальнай творчасці. Калі ў вас ёсць памкненні пісаць інтэлектуальныя ці літаратурныя тэксты, вы тут атрымаеце індывідуальныя заняткі, парады і каментары”.

Журналістыка: набыванне досведу

“Тут робіцца акцэнт на набыванне не столькі тэарэтычных ведаў, колькі досведу ў журналістыцы, магчымасці ўлучыцца ў беларускуі журналісцкую і медыяпрастору. І гэта таксама адрознівае Калегіюм ад, напрыклад, факультэтаў журналістыкі.

А хаця калі вы ў журналістыцыне ведаеце нічога, але хацелі б, то гэты падставовы курс вы атрымаеце ў яркіх асоб у журналістыцы, а не ў акадэмічных прафесараў.”

Найноўшая гісторыя Беларусі:

“Гэтая дысцыпліна амаль не выкладаецца, і не толькі ў нас. Аднак гэта тое, што найбольш закранае нашыя жыцьці. Для Беларусі менавіта найноўшая гісторыя сфармавала дзяржаву, у якой мы жывем, уключна з яе тэрыторыяй, сімволікай, узроўнем нацыянальнай свядомасці, адчуваннем свайго месца ў свеце і г.д.”

Адукацыя на гэтым аддзяленні прысвечаная інтэрпрэтацыі гісторыі ХХ стагоддзя, у тым ліку Першай і Другой сусветных войнаў, падзелаў і аб’яднанняў Беларусі, розных спробаў дзяржаваўтварэння.”

 

аўтар Ганна Валынец

Подбор мероприятий

Опрос

Какие темы тренингов считаете наиболее интересными

Подписка на новости

Видео блок

Годовой отчет